transparent_line
Дрогичинский районный
исполнительный комитет
(
fotogallery_imagefotogallery_imagefotogallery_imagefotogallery_imagefotogallery_imagefotogallery_imagefotogallery_imagefotogallery_imagefotogallery_imagefotogallery_imagefotogallery_imagefotogallery_image
Меню
h_line_delimetr
Памятники истории и культуры

 

Драгічынскі раён - адзін з маляўнічых і сваеасаблівых куткоў Брэсцкага Палесся. На тэрыторыі раёна знаходзяцца 138 помнікаў гісторыі і культуры. Занесены ў Дзяржаўны спіс 53 матэрыяльныя аб'екты, з іх 23 - помнікі архітэктуры, 8 - археалогіі, 22 – помнікі гісторыі, якім нададзены статус і катэгорыя гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.
Нематэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць - 1.
Таксама на тэрыторыі раёна знаходзяцца 3 пункты геадэзічнай дугі Струве.
У раёне  107 помнікаў гісторыі, з іх 56 воінскіх пахаванняў: 4 – Першай сусветнай вайны, 51 –Вялікай Айчыннай вайны, 1 пахаванне воіна-інтэрнацыяналіста, 36 помнікаў воінскай Славы і 15 помнікаў гісторыі.

 

Памятны знак на месцы гістарычнага центра г.Драгічына

Памятны знак “Партызанская Слава” г.Драгічын

 

Памятны знак у гонар Польскай пісьменніцы Элізы Ажэшка в.Людзвінова

 

Калона в.Бездзеж

 

Пасля рэстаўрацыі

 


Памятны знак на месцы помніка прыроды – на водараздзеле Днепра-Бугскага канала в.Селішча.

 

 Памятны знак на месцы Тараканьскага Богаяўленскага манастыра.

 

 Помнік землякам в.Горыцы

 

 Брацкая магіла г. Драгічын

 

 Помнік партызанам на беразе Днепра-Бугскага канала в.Зарэчка.

 

 Курган памяці в.Пярковічы

 

 Помнік землякам в.Імянін.

 

 Помнік землякам в.Закозель.

 

Магіла Макарэвіча Яўгена Георгіевіча. Знахлдзіцца  на паўночнай ускраіне вёсцы, у дарогі Хомск – Белаазёрск. 

  

Помнік землякам в.Аляксеевічы.

 

  Пахаванне рускіх і нямецкіх салдат, загінувшіх у гады Першай сусветнай вайны на могілках в.Агдэмер.

 

 Помнік землякам в.Корсунь.

  

Помнік Главе Н.М. на месцы  падзення самалёта ў лесе між в. Нямержа і в. Аляксеевічы.

  

Гісторыка-культурныя каштоўнасці.

 

 Будынак г. Драгічын

Будынак двухпавярховы выгнутай формы. Галоўны фасад упрыгожаны пілястрамі і завяршэннем франтона трохвугольнай формы з выявай герба Рэспублікі Беларусь.

Узвядзенне будынка праходзіла па ініцыятыве польскіх улад у 1929 – 1934 гадах і было звязана з наданнем Драгічыну статуса цэнтра павета. Ствараўся як будынак муніцыпалітэта. Яшчэ да поўнага завяршэння будаўніцтва, у пачатку 1930-х гадоў, у гэтым будынку ўжо пачалі размяшчацца  наступныя рэфераты (польскія аналагі сучасных аддзелаў райвыканкама): агульны, арганізацыйны, грамадскай бяспекі, адміністратыўна-прававы, адміністратыўна-каральны, ваенны, сацыяльнага забеспячэння, аховы здароўя, ветэрынарны, будаўнічы, аховы леса, узнаўленчы, інвалідны і прамысловай гаспадаркі.

У 1939 – 1941 гг. у будынку размяшчаўся раённы выканаўчы камітэт Драгічынскага раёна Пінскай вобласці, раённы камітэт камуністычнай партыі і ваенны камісарыят.

У перыяд Вялікай Айчыннай вайны ў будынку размяшчаліся ўсе асноўныя акупацыйныя структуры Драгічынскага павета (немцы адрадзілі адміністрацыйнае дзяленне, прынятае польскімі ўладамі), войскі СД (другі паверх, цэнтральная частка будынка), нямецкія гаспадарчыя структуры (паверх, левая частка будынка). У правым крыле будынка размяшчаліся камандны склад венгерскіх часцей (першы паверх), венгерская пракуратура (другі паверх) і часовы ізалятар для асуджаных (падвал).

Пасля вайны будынак занялі раённы ваканаўчы камітэт Драгічынскага раёна і раённы камітэт камуністычнай партыі (пазней атрымаў асобны будынак). Пасля набыцця Рэспублікай Беларусь незалежнасці ў будынку размяшчаецца Драгічынскі райвыканкам.

 

Брацкая магіла г. Драгічын, дзе пахаваны 248 воінаў і партызан, якія загінулі ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1982 годзе на магіле ўстаноўлены помнік – тры асіметрычныя стэлы, у цэнтры - скульптура воіна. Знаходзіцца ў цэнтральным гарадскім скверы.

 

Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан г. Драгічын.

 

 Стрэчанская царква г. Драгічын.

Царква пабудавана ў 1863 годзе з дрэва паводле праекта архітэктара Т. Савіча. Ранейшая драўляная царква да сярэдзіны
19 ст. прыйшла ў заняпад (была вырашана ў стылі барока з двухвежавым галоўным фасадам трохнефавага яруснага аб’ёму).

Помнік рэтраспектыўна-рускага стылю. Чатырохсценны зруб пад двухсхільным дахам. На франтальным фасадзе трох’ярусная чацверыковая званіца з макаўкай, якая завяршае шацёр. Над дахам апсіды фігурная ярусная вежачка. Галоўны ўваход аформлены двухслуповым ганкам. Архітэктурны рытм бакавых фасадаў ствараецца раўнамерна размешчанымі стральчатымі аконнымі праёмамі і брусамі-сцяжкамі ў прасценках.

У малітоўную залу выступаюць балюстрадныя хоры на двух слупах, апсіда вылучана іканастасам.

У царкве маюцца абразы 19 стагоддзя –“Маці Божая Замілаванне”, “Спас Пантакратар”, “Маці Божая Вастрабрамская” (у срэбранай чаканнай арнаментальнай рызе сярэдзіны 18 ст.), “Стрэчанне”.

 

Брацкая магіла г.п. Антопаль. Пахаваны  чырвонаармейцы-танкісты і 5 паўстанцаў, якія загінулі ў верасні 1939 г. пры вызваленні Заходняй Беларусі.

 

Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан г.п. Антопаль. Пахаваны 41 воін і партызан, у т.л. воіны 12-й гвардзейскай стралковай дывізіі 9-га стралковага корпуса 61-й арміі 1-га Беларускага фронту, якія загінулі ў баях за вызваленне Антопаля, а таксама адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху на тэрыторыі Драгічынскага раена М.Ц.Шыш. У 1965 г.на магіле пастаўлены помнік – скульптура салдата. У 1995 г. заменены на новы. Скульптура “Журавы”.

 

 

Васкрасенская царква г. п. Антопаль.

Царква пабудавана ў 1854 годзе з дрэва. Перад будынкам царквы ў 1866 годзе ўзведзена двух’ярусная каркасная званіца, накрытая шатровым дахам.

Прамавугольная ў плане адназрубная пабудова, накрыта двухсхільным дахам з вальмай над алтарнай часткай. Галоўны фасад выдзелены стылізаваным чатырохкалонным порцікам, над франтонам якога узвышаецца цыбулепадобная галоўка на васьмігранным барабане. Такая ж вежачка меншага памеру ўстаноўлена на вільчыку даху над алтарнай часткай. Вертыкальна ашаляваныя фасады рытмічна прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі.

 

Брацкая магіла в. Сварынь.

 

Магіла ахвяр фашызму в. Хомск, дзе пахаваны 193 мірныя жыхары, якія былі загублены нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1943 г.

У Вялікую Айчынную вайну на тэрыторыі Хомскага сельсавета дзейнічала партызанская брыгада імя Я. М. Свярдлова. Яе атрады не раз нападалі на паліцэйскі гарнізон у Хомску і разграмілі яго. Усе спробы гітлераўцаў зноў размясціць у вёсцы гарнізон былі сарваны партызанамі. Летам 1943 года акупанты спалілі в. Хомск, а жыхароў расстралялі.

У 1965 годзе на магіле ахвяр фашызму пастаўлены абеліск.

 

Свята-Праабражэнская царква  в. Брашэвічы.

Царква пабудавана з цэглы. Іканастас створаны ў 1867 г. паводле праекта інжынера Кадрунцава (перанесены з папярэдняга храма).

Помнік архітэктуры рэстраспектыўна-рускага стылю. Складаецца з 3 аб'ёмаў: прытвора-званіцы, малітоўнай залы і 3-граннай апсіды. У прасторавай кампазіцыі дамінуе шацёр званіцы з макаўкай і 8-гранны барабан з цыбулепадобным купалам над асноўным аб'ёмам. У дэкоры выкарыстаны элементы старажытнарускага дойлідства: аркатура, закамары, какошнікі, вуглавыя калонкі, нішы-крыжы. Зала асветлена 2 ярусамі арачных аконных праёмаў.

 

Пакроўская царква в. Радастава.

Свята-Пакроўская царква у цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1862 годзе. Да 1990-х гадоў царква не дзейнічала.

Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Трохзрубны храм падоўжна-восевай кампазіцыі. Да асноўнага кубападобнага пяціглавага аб’ёму прыбудаваны больш нізкія апсіда і прытвор, накрытыя двухсхільнымі дахамі. Праз кароткую трапезную да галоўнага фасада далучаецца трох’ярусная гатровая званіца (два васьмерыкі на чацверыку). Гарызантальна ашаляваныя фасады прарэзаны арачнымі і ромбападобнымі аконнымі праёмамі ў разных ліштвах, раскрапаваны дашчатымі лапаткамі. Тры ўваходы вылучаны двухсхільнымі ганкамі.

  

Праабражэнская царква в. Новая Папіна.

Храм са званіцай пабудаваны ў 1810 г. з дрэва ў цэнтры вёскі на месцы царквы 1723 г. Драўляны іканастас выкананы ў 1830-я гады. Да 1990-х гадоў царква не дзейнічала.

Царква – помнік народнага дойлідства. Вырашана працяглым прамавугольным у плане зрубам, накрытым вальмавым дахам, завершаным па цэнтры цыбулепадобнай галоўкай. 3 усходу далучана пяцігранная апсіда з бакавой рызніцай, з захаду — прамавугольны прытвор, над якім у другой палове 20 стагоддзя  ўзведзена двух’ярусная чатырохгранная шатровая званіца з макаўкай. Гарызантальна ашаляваныя бакавыя фасады расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі і брусамі-сцяжкамі ў прасценках, апяразаны цокальным поясам з вертыкальнай шалёўкай.

Зала перакрыта плоскай столлю па бэльках, апсіда вылучана драўляным іканастасам, выкананым у 1830-я гг.

Званіца выходзіць на чырвоную лінію і крыху ўбок ад падоўжнай восі царквы ўсход – захад.

 

Свята-Казанская царква в. Толкава.

Царква пабудавана ў 1905 годзе з дрэва. Будынак царквы вырашаны чатырохчасткавай падоўжна-восевай кампазіцыяй: прытвор-званіца, бабінец, малітоўная зала, апсіда. Над прытворам узведзена двух’ярусная васьмігранная званіца, завершаная шатром з макаўкай. Па цэнтры двухсхільнага даху малітоўнай залы ўзведзены цыбулепадобны купал.

  

Троіцкая царква з брамай-званіцай в. Бездзеж.

Царква пабудавана ў 1784 годзе з дрэва на падмурку уніяцкай царквы першай паловы 17 стагоддзя. Паводле загада гродзенскага генерал-губернатара ў 1865 годзе ператаорана ў праваслаўны храм (архітэктар М. Барташэўскі) на вылучаную казной суму 1 000 рублёў.

Перад будынкам царквы ўзведзена званіца-брама. Звон датуецца 1776 годам.

У аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі храма і рашэнні галоўнага фасада спалучаюцца традыцыі мясцовага драўлянага дойлідства з уплывам мураванага будаўніцтва эпохі барока. Кампазіцыя будынка складаецца з двух прамавугольных у плане зрубаў рознай шырыні. Асноўны зруб і апсідны прыруб маюць аднолькавую вышыню і пакрыты агульным дахам, апяразаны карнізам з вялікім вынасам, які над апсідай пераходзіць у трохвугольныя застрэшкі. Двухсхільная кроквенная страха завяршаецца трыма вальмамі над апсідай і паўвальмай на галоўным фасадзе. Яго фланкіруюць дзве чацверыковыя вежы, завершаныя пукатымі гранёнымі купаламі з макаўкамі. Сцены вертыкальна ашаляваны, шчыты франтонаў запоўнены дэкаратыўнай шалёўкай. Прамавугольныя аконныя праёмы аздоблены разнымі ліштвамі. Уваход зроблены праз вялікі ганак з разнымі калонкамі і балясінамі.

  

Пакроўская царква з брамай-званіцай в. Дзеткавічы.

Царква пабудавана ў 1740 годзе з дрэва, перабудавана ў 1884 годзе інжынерам А. Рэмерам.

Помнік народнага драўлянага дойлідства. Кампазіцыя будынка складаецца з двух прамавугольных у плане зрубаў і прыбудаванага пазней прытвора. Падоўжная прамавугольная апсідаз тарцовай рызніцай мае ярусна-ступеньчатую форму, што надае кампазіцыі дынамічнасць. Гонтавы дах, двухсхільны над асноўным аб’ёмам, пры дапамозе застрэшкаў пераходзіць у тры вальмы над апсідай. Вільчык страхі з боку галоўнага фасада прарэзаны двух’ярусным васьмерыком з цыбулепадобнай макаўкай. Фасад аздоблены чатырма рытмічна размешчанымі лапаткамі і завершаны ўсечаным шчытом з рамбічным акном-люкарнай. Шчыты франтонаў ашаляваны дыяганальна, фасады гарызантальна. Запіс 1759 года паведамляе, што храм меў круглыя аконныя праёмы ў алавяных пераплётах.

Зала храма перакрыта плоскай бэлечнай столлю. Рызніца размешчана за апсідай, якая вылучана створаным у 1830-я гады іканастасам, над уваходам – хоры. У царкве знаходзяцца абразы 19 стагоддзя “Невядомы святы” і “Укрыжаванне”.

Перад будынкам царквы стаіць двух’ярусная (чацвярык на чацверыку) званіца. Першы ярус-брама ашаляваны вертыкальна, другі скразны ярус накрыты шатром. Паміж стойкамі другога яруса зроблены падкосы.

 

 

Царква Багародзіцы  в. Ляхавічы.

Царква Раства Багародзіцы пабудавана ў  1883 годзе з дрэва замест старой царквы паводле праекта, зацверджанага 7 снежня 1874 года.

Царква Раства Багародзіцы – помнік народнага драўлянага дойлідства. Развітая па падоўжнай планіровачнай восі аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя складаецца з прамавугольных у плане прытвора-званіцы, бабінца, малітоўнай залы з бакавымі прыдзеламі, апсіды з бакавымі рызніцамі. Будынак мае дзве вертыкальныя, завершаныя цыбулепадобнымі галоўкамі дамінанты: трох’ярусную шатровую званіцу і васьмігранны светлавы барабан з шатром над цэнтральным аб’ёмам. Гарызантальна ашаляваныя сцены прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў фігурных ліштвах, люкарнамі (у рызніцах).

 

 

Троіцкі касцёл в. Бездзеж.

Помнік архітэктуры неакласіцызму. Уяўляе сабой прамавугольны ў плане аб’ём, накрыты двухсхільным дахам з вальмай над алтарнай часткай. Па цэнтральнай восі галоўнага фасада знаходзіцца ўваходны партал з сандрыкам, над ім люнет, франтон з круглым акном у полі тымпана і невялікая цыліндрычная сігнатурка з крыжам у завяршэнні. Бакавыя фасады расчлянёны прамавугольнымі арачнымі праёмамі. На лаканічных фасадах выдзелены антаблемент, для простай дэкарацыі выкарыстаны карнізныя цягі з зубчыкамі, лапаткі на вуглах і ў прасценках. Уваход аформлены парталам з паўкруглай люкарнай. У інтэр’еры бэлечная столь. Над уваходам размешчаны крывалінейнага абрысу хоры.

 

Гандлёвыя рады  г. п. Антопаль.

Гандлёвыя рады пабудаваны ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя з цэглы. У наш час выкарыстоўваюцца па сваім першапачатковым прызначэнні – як гандлёвыя прадпрыемствы.

Аднапавярховы будынак у плане ўтварае замкнёны прамавугольнік з вялікім унутраным дваром (плошча каля 250 м2).
У цэнтры процілеглых падоўжных бакоў зроблены праезды. Два рады калон дзеляць унутраную прастору будынка на тры пралёты. Інтэрвал паміж калонамі вызначае памеры гандлёвай секцыі. Кожная з іх перакрыта трохпралётным бочкападобным скляпеннем. Функцыянальна секцыя складаецца з гандлёвай залы, прылаўка і складскога памяшкання. Гандлёвыя рады арыентаваны на плошчу, а складскія памяшканні – ва ўнутраны гаспадарчы двор. Сцены будынка па ўсім перыметры прарэзаны лучковымі аконнымі праёмамі і завершаны прафіляваным карнізам з сухарыкамі.

  

Комплекс былой сядзібы: сядзібны дом в. Пярковічы.

Паводле даследавання Р. Афтаназы, адзін з нашчадкаў роду Віславухаў Зянон Віславух, падкаморы брэсцкі, у 1805 г. распачаў будаўніцтва двухпавярховага мураванага палаца, завэршэнне і аздобу якога выканаў яго сын Віктар, маршалак пружанскі. Палац праіснаваў з некаторымі зменамі ў архітэктурным абліччы да Другой сусветнай вайны. Паводле апісання  Р. Афтаназы, асноўны аб’ём будынка меў у плане прамавугольную форму, месціўся на высокім 1,5-метровым падмурку. Цэнтральны фасад вылучаўся высокім порцікам на чатырох масіўных калонах і шырокім балконам. У канцы 19 ст. здарыўся няшчасны выпадак, калі фурман на чатырох парах коней зачапіўся за крайнюю калону порціка і забіўся. Новы гаспадар разабраў порцік і калоны, замяніўшы іх на драўляную веранду з выхадам на балкон. З боку парку існаваў таксама чатырохкалонны порцік, які быў значна вышэйшы за франтальны.

У 1906 г. палац грунтоўна абноўлены, заменена гонтавае крыццё на цынкоўку, франтальная веранда набыла выгляд мансарды ў рэнесансавым стылі. На яе шчыце была змешчана табліца з надпісам на латыні: “CERTA PRO IUSTITIA A.D. 1906” (“ЗАКОН ПРАЗ ЗГОДУ А.Д. 1906”).

  

Успенская царква в. Пярковічы

Царква на ўсходняй ускраіне вёскі, у сядзібна-паркавым комплексе Віславухаў. Пабудавана ў першай палове ХІХ стагоддзя з цэглы як уніяцкая  па фундацыі ўладальніка маёнтка падкаморыя брэсцкага Зянона Віславуха. Дзейнічае з 1980-х гг.

Храм вырашаны ў буйных манументальных формах. Аднанефавы прамавугольны ў плане аб’ём пад двухсхільным дахам з вальмай над алтарнай сцяной. Дах па краях завершаны драўлянымі васьміграннымі барабанамі. Галоўны арачны ўваход вылучаны чатырохпаўкалонным порцікам з трохвугольным франтонам, які рытмічна спалучаецца з драўляным франтонам даху. Бакавыя фасады расчлянёны высока ўзнятымі арачнымі аконнымі праёмамі і масіўнымі спаранымі пілястрамі ў прасценках.

 

 

 фрагменты парку

 

капліца-пахавальня


Дабрачынны рахунак для рэканструкцыі (рэстаўрацыі) капліцы-пахавальні

BY24 АКВВ 3642 2150 0004 4130 0000  ф-л 802 ААТ «АСБ Беларусбанк» код AKBBBY21802

УНП  200070815 ОКПО 022332401000

Кантактныя тэл. / факс 8 (0 16 44) 3 17 45 прыёмная

8 (0 16 44) 3 13 50 метадыст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны

электронная пошта -  Этот e-mail адрес защищен от спам-ботов, для его просмотра у Вас должен быть включен Javascript

 

 будынак вінакурні.


Фрагменты сядзібна-паркавага комплексу: фрагменты парку

в. Закозель

Парк у Закозелі раней займаў тэрыторыю ў некалькі дзесяткаў гектараў. Большая частка парка знаходзілася з правага боку цэнтральнай алеі; шырокая алея са старых ліп вяла да палаца, пераходзячы ў прыгожы газон перад галоўным фасадам, а потым як бы працягвалася з тыльнага боку будынка, таксама пачынаючы ад маляўнічых кветкавых газона, утвараючы ідэальную прамую лінію, якая перарывалася толькі сядзібным домам.

Тая частка парку, дзе размяшчалася капліца, і раней і цяпер – найбольш прыгожая: гэта тэрыторыя каля 7 га была засаджана рознымі пародамі дрэў, кустоўем, упрыгожана сажалкамі і каналамі незвычайных абрысаў. Сярод парка размяшчаўся і будынак вінакурні.

Заказельскі парк меў пейзажны характар: у фарміраванні яго аблічча вялікае значэнне маюць водныя элементы – натуральнага і штучнага паходжання.сярод дрэў парка – ліпы, клёны, каштаны, італьянскія таполі, бярозы, акацыі; для кантрасту і дэкаратыўнасці ў парку растуць хвойныя дрэвы.

Сапраўдным дастойным “акаймаваннем” пабудовам прысядзібнага камплекса ў Закозелі з’яўляецца парк.

Р. Афтаназы піша, што ў даўжыню ўсяго дома ў міжваенны перыяд (1920 – 1930 гг.) былі пасаджаны новыя дрэвы, якія, аднак, не засланілі від на палац, які адкрываўся з любога месца шырокай ліпавай алеі. Вакол палаца існавала мноства сцяжынак, па якіх можна было трапіць у любую частку парка.

З тыльнага боку дома былі кветкавыя клумбы, знаходзілася сажалка з перакідным фігурным мосцікам.

Цяпер парк ужо не захоўваецца ў былых межах, мае значныя страты, але нават невялікія яго фрагменты, што засталіся, сведчаць аб арыгінальнасці яго кампазіцыйнага вырашэння, выразнасці і мемарыяльнасці, што па праву дазваляе аднесці заказельскі парк да помнікаў прыроды.


Капліца-пахавальня.

Капліца ўзводзілася з мэтай размяшчэння ў ёй трунаў памёршых у розны час прадстаўнікоў роду Ажэшкаў.

Аб тым, як выглядала капліца першапачаткова, вядома з лінагравюры  невядомага майстра, знойдзенай ў фондзе Расійскага дзяржаўнага гістарычнага архіва г. Санкт-Пецярбурга.

Вонкавыя сцены помніка ў наш час маюць таўшчыню ад 840 мм унізе да 640 мм уверсе. Верх сцен замыкае складанае крыжападобнае гатычнае скляпенне. Памяшканне капліцы мае ў плане васьмівугольную форму. Пад будынкам знаходзіцца  склеп, перакрыты цаглянымі скляпеннямі. Памяшканні склепа – гэта калідоры, размешчаныя уздоўж вонкавых сцен, якія апісваюць квадрат. Уваход здзяйсняецца з дапамогай драўлянай лесвіцы ў цэнтры склепа паміж двума масіўнымі унутранымі сценамі. Адтуліна ўвахода ў склеп закрываецца асобнай плітой.

Дах уяўляе сабой востраканечны шацёр, увянчаны шпілем. У аб’ём шатра ўразаюцца чатыры двухскатныя часткі, утвараючы ў плане крыж. Па вуглах даху, апіраючыся на контрфорсы, папарна размешчаны 8 дэкаратыўных вежачак (таксама са шпілямі). На вуглавых контрфорсах устаноўлены 4 чугунныя ківоты для размяшчэння скульптур.


Вінакурня.

У канцы 19 ст. маёнтак у Закозелі належаў ужо не Ажэшкам, а Н. Бабрынскай, павераным у вытворчых справах якой быў Казімір Андрыч. Вінакурны завод у пачатку 20 ст. стаў адным з самых вядомых і даходных заводаў Гродзенскай губерні. У 1900 г. фон Дэн кіраваў работамі па правядзенню электрычнасці ва ўсіх пабудовах, - як жылых, так і вытворчых, у сувязі з чым быў складзены план сядзібы з усімі яе пабудовамі, якія знаходзіліся на яе тэрыторыі, а таксама складзены іх вопіс.

У той час на вінакурным заводзе быў устаноўлены паравы кацёл – аб гэтым сведчыць дазвол фабрычнага інспектара Гродзенскага губернскага праўлення на яго ўстаноўку і справаздача аб выкананні работ. У справе ёсць таксама чарцёж каменнай прыбудовы да ўжо існуючага будынка вінакурнага завода, у якім меркавалася размяшчэнне рэктыфікацыйнай вытворчасці. У “Тлумачальнай запісцы”, якая была складзена да праекта, утрымліваюцца звесткіі пра іншыя будынкі, электраэнергію для якіх  павінна была пастаўляць дынама-машына, вырабленая на фабрыцы “Уніснь” у Берліне.

Будынак вiнакурнi знаходзiўся непадалёк ад палаца. На здымку канца 1930-х гг. бачна вялiкая каменная пабудова. Дзякуючы багатаму архiтэктурнаму аздабленню фасадаў будынка, некаторыя даследчыкi меркавалi, цi не з’яўлялася  гэтая пабудова першапачаткова палацам цi афiцынай.

У “Інвентарным вопісу” маёнтка за 1845 г. акрамя палаца прысутнічае паведамленне аб каменным будынку вінакурні. Падобная кароткая інфармацыя паўтараецца і ў рукапісных матэрыялах наступных гадоў, а ў дакуменце, датаваным 1895 г., паведамляецца: «Винокурня каменная, в средней части 4-х этажная, по концам фасада 2-х этажная».

 

Святадухаўскі касцёл в. Язвіны.

Касцёл пабудаваны ў 1750 годзе з цэглы на паўночны ўсход ад вёскі Язвіны, на ўзлессі.

Асноўны ў плане квадратны аб’ём невялікім уступам пераходзіць у паўкруглую апсіду, арыентаваную на ўсход. Уся пабудова накрыта стромкім двухсхільным дахам, паўкруглым над алтарнай часткай. Сцяна галоўнага фасада завершана франтонам маляўнічага ўвагнута-выпуклага абрысу. Вось сіметрыі пабудовы падкрэслена праёмам увахода. Пры перабудове касцёла ў праваслаўны храм у сярэдзіне вільчыка даху была зроблена цыбулепадобная галоўка на высокім васьмерыковым барабане. Пластыку архітэктуры ўзбагачаюць скругленыя вуглы будынка, лапаткі і нішы з ракавінамі на галоўным фасадзе. Галоўнае памяшканне перакрыта цыліндрычным скляпеннем, апсіда – конхай. Будынак асветлены чатырма лучковымі аконнымі праёмамі і круглай люнетай у апсідзе.

Помнік архітэктуры барока.


 

Гарадзішча перыяду ранняга сярэднявечча ХІ-ХІІІ ст. д.Старомлыны.


  

Курган перыяду ранняга сярэднявечча ХІ-ХІІІ ст г.п.Антополь ур.Хвойнікі.

  

Бескурганных магільнік перыяду ранняга жалезнага веку ІІІ - ІІ ст. да н.э. ж / д станцыя Драгічын.

  

Рэшткі былога замка Вішнявецкіх в.Жабер ур. Замак.


«Пункт« Бездзеж» геадэзічнай дугі Струвэ»

 

 

Дуга Струвэ - унікальны помнік гісторыі і навукова-тэхнічнай думкі з калекцыі Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Названая ў гонар кіраўніка даследвання, выдатнага астранома, геадэзіста і матэматыка Расіі Федэрыка Георга Вільгельма Струвэ (Васіля Якаўлевіча Струвэ). Дуга Струвэ - гэта сетка з 265 трыангуляцыйных пунктаў, якія ўяўляюць сабой закладзенныя ў зямлю каменныя кубы з даўжынёй рэбры 2 м. Працягласць дугі Струвэ складае 2820 км. Яна стваралася больш за 150 гадоў з мэтай вызначэння формы і памераў зямной паверхні. У цяперашні час пункты дугі Струвэ захаваліся на тэрыторыі адразу некалькіх краін: Нарвегіі, Швецыі, Фінляндыі, Расіі, Эстоніі, Літвы, Латвіі, Малдовы, Украіны і Беларусі.

Геадэзістамі многіх краін, праз якія прайшла дуга Струвэ, неаднаразова прадпрымаліся спробы адшукаць пункты. Такія работы былі выкананы і ў Беларусі ў 1999 годзе, але яны аказаліся безвыніковымі. Ні аднаго пункта дугі Струвэ тады выявіць не ўдалося. Відавочна, што іх пошук і аднаўленне стала справай гонару беларускіх геадэзістаў.

На тэрыторыі Драгічынскага раёна ў 2010-2011 гадах вяліся сумесныя работы РУП «Белаэракосмагеадэзія» і кампаніі «Крэда-Дыялог» па пошуку і ўдакладненні месцазнаходжання пунктаў дугі Струвэ. У выніку дадзенай працы былі ўсталяваны трыганаметрычных пункт "Бездзеж", які знаходзіцца каля дарогі Хомск - Бездзеж.



Вясновы абрадавы карагод “Стрылка” в.Бездзеж





 

Ваджэнне «стрылкі» адбываецца штогод, на першы дзень Вялікадня, пасля вячэрняй службы ў царкве, якая доўжыцца 40-60 мінут і называецца «Нешпор». Дзеянне адбываецца на вясковай плошчы (па-мясцоваму – «місто») перад царквой. Бацюшка акрапляе ўсіх святой вадой і дае дазвол – благаславенне. «Завадатар», функцыю якога некалькі гадоў запар (па-мясцоваму) выконвае адзін і той жа чалавек, або самыя старэйшыя і паважаныя жанчыны, пачынае вясці карагод. Удзельнічаюць у карагодзе дзяўчаты, жанчыны старэйшага і сярэдняга ўзросту і абавязкова дзеці. Расстаўляюць трохвугольнікам кучкі «зырняток» з двух-трох-чатырох малых дзетак (калі карагоднікаў небагата, ставяць па аднаму «зырнятку»). Дзеці ў сваіх кучках стаяць на адным месцы, а астатнія ўдзельнікі карагода, злучыўшы («зацэпам») унізе рукі, рухаюцца за вядучым, «завадатарам», вакол купак дзяцей, утвараючы своеасаблівыя дугі, як бы падковы ці колы. Усе карагодцы спяваюць традыцыйную песню. Яна пачынаецца са звароту-стымулявання: «Да лыты, лыты, стрылка, // По горам, по долынам, // Да нысы, нысы, стрылка, // Да дывоцькую красу», далей – «парабоцькую», «жаноцькую», «мужыцькую». Кожная «краса» ў нечым патанае, адпаведна – “у мыді”, “у выні”, “у смолі”, “у горылцы”, але не назаўсёды: “У воді вынырае, // Тыхо йдэ,// Тыхо йдэ”. Бездзежцы пазначаюць карагод як “спыванне высны”. Паводле сцвярджэння старэйшых жыхароў в.Бездзеж, “Стрылкію” завяршаецца Вялікі пост. Пасля “Стрылкі” можна пачынаць спяваць, танцаваць і весяліцца.

 
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Контактная информация
Дрогичинский районный
исполнительный комитет
225612, г.Дрогичин, ул.Ленина, 138,
e-mail: drgrik@brest.by
Режим работы: с 8.00 до 17.00,
обед с 13.00 до 14.00,
выходные дни: суббота, воскресенье
8-01644-3-46-41
h_line_delimetr
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Дрогичинский районный
исполнительный комитет
225612, г.Дрогичин, ул.Ленина, 138,
e-mail: drgrik@brest.by
Сайт разработан
БОКУП "Центр внедрения научно - технических разработок"
Каменецкий Брестский Малоритский Жабинковский Пружанский Кобринский Берёзовский Дрогичинский Ивацевичский Ивановский Барановичский Ляховичский Ганцевичский Пинский Лунинецкий Столинский